нумары

нумары

часопіс беларускае прозы

Макулатура 6 - Славацкая

Макулатура 6 - Славацкая
  • Карэктура: Ліда Наліўка
  • Рэдактура: Сяргей Сматрычэнка
  • Вёрстка: Заічанка
  • Дызайн вокладкi: Даша Заічанка

Змест нумару:



У Славакію я трапіў дзякуючы Сяргею Сматрычэнку і грамадзкай кампаніі “Civic Belarus” з мэтаю пазнаёміцца са славацкімі пісьменьнікамі і выдаўцом Каламанам Багалам. На той час у мяне былі вельмі цьмяныя ўяўленьні ня толькі пра культуру славакаў, але й наконт агульнай ідэі часопіса Макулатура – сьвет пабачыў толькі другі нумар – “Scottскі”, мы пасьпелі зладзіць імпрэзу і надрукаваць першыя пяцьдзясят асобнікаў… Зразумела, гэта было першае папяровае выданьне, якасьць паперы была далёкай ад ідэалу, колер ілюстрацыяў “паляцеў”, мастакам было сорамна паказваць нумар… ну і кропкай ва ўсім гэтым друкаваным вэрхале была вокладка, якую забыліся пакрыць матавым ламінатам… І вось я такі з доўгімі валасамі, з невялікай торбаю і квіткамі на цягнік спачатку да Варшавы і адтуль празь Вену да Браціславы стаю, гляджу на Васілісу, і так мне тужліва і так ня хочацца ехаць амаль на два тыдні, і да ўсяго сумнага і рамантычна-палымянага звонку цісьне незвычайная сьпякота, задушлівая, вільготная, адчуваньне, быццам бы ты пад накрыўкай альбо зімняй коўдрай і, лежачы ў хуткаварцы, у гарачых абдымках каханкі, патнееш, і далоні вільготныя, і крананьні гарачыя, і вопраткі на целе амаль няма…
 

Мая задача – прыехаць у Браціславу, пазнаёміцца, унікнуць у выдавецкія справы, дапамагчы, пяць дзён правесьці на оўпэн-эйры Pohoda Фэст у Трэнчыне, назіраючы і ўсяляк спрыяючы развіцьцю славацкага незалежнага кніжнага дому ладзіць імпрэзы і літаратурныя чытаньні, у атмасфэры свавольства, піва, на фоне выступу сусьветна вядомых гуртоў. Здавалася б, карункавыя пляны, але сьпякота і незвычайныя, як для мяне, стасункі між пісьменьнікамі ледзь не давялі мяне да самагубства.
 

Пачнем з пачатку. Зразумела, што для чалавека, які ўпершыню апынаецца ў краіне, пра якую, апроч некалькіх фактаў кшталту: “Па падабенстве моваў славацкая найбліжэйшая да беларускай пасьля ўкраінскай”, я ня ведаў. Усё навокал – незвычайнае, пачынаючы з цягніка й майго купэ, у якім ехаў на верхнім ложку кітаец і ўсю ноч кашляў так цяжка, надрыўна, з хрыпам і стогнамі, што я баяўся падчапіць ад яго якую экзатычную халеру, таму раз на гадзіну падымаўся, аглядаў суседа, сябе ў люстэрка… правяраў зрэнкі, колер скуры, глядзеў горла… пакуль нібыта ўсё нармалёва. Потым прыадчыняў фортку й дыхаў, бо мне падавалася, што гэта дапаможа мне не захварэць…
 

У самім купэ на дзьвярх было тры замкі й засаўка, якая дазваляла толькі прыадчыніць дзьверы. Навошта столькі замкоў?! Прыйшоў праваднік, вочы шалёныя, нэрвовы, і пачаў адразу бязь лішніх вітаньняў і выбачэньняў папярэджваць нас, што замкі – гэта вельмі, ВЕЛЬМІ істотна! Бо інакш: “Пастукаюць цыганкі, вы адчынілі ноччу, і ўсё, вашыя рэчы – “цап-царап” – і няма, а раніцай я вас – “аларм” – кава, білет, круасан, і “гуд бай”! А цяпер – “клоўз, і гуд найт”!

І вось мы на плятформе, на мяне глядзіць стары будынак, пяць раніцы, я ўсё яшчэ баюся, што сьмяротна захварэў праз кітайца. Па гучнагаварыльніку жаночы голас папярэдзіў: “Позор, влак!” што азначае: “Увага, цягнік”, а далей я не зразумеў, што яна мовіла… Навобмацак, пры ранішнім сьвятле пайшоў я шукаць хоць каго-небудзь, хто мяне чакае. Кружляў зь дзесяць хвілін, нарэшце дацяміў выйсьці ў кірунку выхаду ў горад. На вуліцы пабачыў маладога хлопца з даўгімі валасамі, прыемнымі рысамі твару й мяккай няголенасьцю, ён трымаў паперку: “Kalenda”. Я пайшоў да яго, і першае, што пачуў, было: “Ахой”. І я адразу адчуў сябе спакайней, мяккае слова вітаньня было для мяне самым дарэчынм і прыемным... Мы паехалі таксоўкаю да Фэрчы, так яго звалі, у кватэру, якую ён здымаў разам з дзяўчынаю Марцінаю і хлопцам Лукашам… Наперадзе мяне чакала процьма адкрыцьцяў, найцікавейшых размоваў, каштаваньне смажанай бульбы-спружыны, славацкага піва, знаёмства зь пісьменьнкамі…

Але што гэта я, калі такім чынам пісаць прадмовы, то гэта ўжо будуць не ўступныя словы, але апавяданьні, якія тут і цяпер не зусім дарэчы… Хочацца пакінуць пасьля сябе хоць цьмянае, але знаёмства са Славакіяй, да таго, як гэта зробяць цудоўныя тэксты: пісьменьнік па-славацку – “спісовацель”, апавяданьне – “паведка”, калі кажуць – “до жывота” – гэта значыць “для жыцьця”, усе маму называюць ласкава – “мамулька”; славакі маюць сваю непаўторную Kofolу (кола з каваю), Domashne Brambuvane (дранікі), і, калі жадаюць сказаць штосьці дарэчы, то так і кажуць: “до речі”.
 

Цудоўная Славакія, незвычайны лёс, амбітныя жыхары. Калі я зусім нядаўна перачытваў “Дракулу” Брэма Стокера, дзе апісваліся сяляне ў “славацкіх строях”, я іх бачыў зусім ня так, як гэта хацеў паказаць аўтар, я бачыў вясёлых маладых людзей, якія любяць піва, оўпэн-эйр, танчыць пад брандзпойнтам, курыць і чакаць вечару, калі сьпякота спадзе і стомленыя пісьменьнікі, выканаўшы свае абавязкі, начытаўшы аўдыторыі свае доўгія тэксты, зьбяруцца па-за летнім “шатром”, каб пасядзець на раскладных зэдліках, пагутарыць і, спрачаючыся адно з адным, апавядаць мне, каго зь вядомых беларусаў яны ведаюць, называючы імёны, перабіваючы адно аднаго, а я буду нэрвавацца і мець на языку толькі адно славацкае прозвішча– Эндзі Ўорхал, чалавек, які эміграваў з маці ў Амэрыку і стварыў поп-арт. Макулатура 6 – Славацкая прапаноўвае вам падарожжа ў сьвет славацкай літаратуры. 

Сяргей Календа


Павал Ранкаў

Страляць сабак

Пераклад са славацкай мовы Веранікі Бяльковіч
 

Луцыя Піуссі

Несмяротны кот

Пераклад са славацкай мовы Сяргея Сматрычэнкі
 

Уршуля Ковалік

Гаваркія лыжачкі самотнай Юліі

Пераклад са славацкай мовы Святланы Рогач

Абрыкоска

Пераклад са славацкай мовы Святланы Рогач
 

Яна Боднарава

Чужынка?

Пераклад са славацкай мовы Святланы Богуш
 

Моніка Кампанікава

Уцёкі

Пераклад са славацкай мовы Сяргея Сматрычэнкі
 

Мараш Крайняк

Carpathia

(Фрагменты)

Пераклад са славацкай мовы Сяргея Сматрычэнкі
 

Балла

Die Zweisamkeit

Пераклад са славацкай мовы Святланы Рогач

Лептакарыя

Пераклад са славацкай мовы Святланы Рогач
 

Івана Дабракавава

Жыць з Пэтэрам

Пераклад са славацкай мовы Насты Доду
 

Пэтэр Крыштуфэк

Black-out

Пераклад са славацкай мовы Веранікі Бяльковіч
 

Душан Тарагел

Курс

Пераклад са славацкай мовы Сяргея Сматрычэнкі
 

Мастакi:


Sakuma Shigeru
 

Васіліса Паляніна-Календа
 

Ганна Бундзелева
 

Даша Заічанка
 

Вольга Якубоўская
 

Каця Шалкоўская